«САВЕ́ЦКАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,
штодзённая грамадска-паліт. газета. Выдавалася з 1.2.1920 у Смаленску, з 15.8.1920 да 21.3.1933 у Мінску на бел. мове. Першыя 10 нумароў выдаваліся 2 разы на тыдзень Бел. рэд. калегіяй ЦК КП(б) Літвы і Беларусі як 2-тыднёвы часопіс. З 15.8.1920 орган Рэўкома БССР, з 19.12.1920 — ЦВК БССР, з 16.1.1930 — ЦВК і СНК БССР. Адказныя рэдактары ў розныя гады: С.Булат, З.Жылуновіч (Ц.Гартны), У.Ігнатоўскі, М.Кудзелька (М.Чарот) і інш. Адлюстроўвала сац. і грамадска-паліт. працэсы, развіццё эканомікі, літ. руху і маст. культуры БССР у 1920 — пач, 1930-х г. Збірала вакол сябе раскіданыя па краіне літ. сілы, спрыяла творчаму супрацоўніцтву старэйшых і маладых пісьменнікаў. Друкавала творы А.Бабарэкі, Я.Бобрыка, П.Броўкі, З.Бядулі, А.Вечара, А.Вольнага, М.Гарэцкага, У.Дубоўкі, А.Дудара, М.Зарэцкага, Я.Коласа, К.Крапівы, А Куляшова, Я.Купалы, М.Лынькова, Я.Пушчы, Л.Родзевіча, П.Труса, К.Чорнага і інш. пісьменнікаў, літ.-знаўцаў, публіцыстаў і краязнаўцаў. Наладжвала літ.-маст. вечары і дыскусіі (пра БДТ-1, творчасць Ц.Гартнага, М.Чарота, М.Грамыкі), асвятляла тэатр. і муз. жыццё рэспублікі. маст. і этнагр. выстаўкі, садзейнічала ахове помнікаў прыроды, гісторыі і культуры. У 1930—33 ва ўмовах рэпрэсій, пашырэння вульгарна-сацыялагічнай крытыкі са старонак газеты зніклі лірычныя вершы, апавяданні, аб’ектыўныя навук. і крытычныя матэрыялы пра бел. нац. культуру, партрэты пісьменнікаў і мастакоў. Публікаваліся пераважна юбілейныя творы, апавяданні і нарысы на вытв. тэму, вульгарна-сацыялагічныя артыкулы і інш. Выдавала літ. дадаткі-часопісы «Радавая рунь» (1924), «Чырвоная краіна» (1927, 1929), «Літаратурны дадатак да газеты «Савецкая Беларусь» (1928).
У.М.Конан.
т. 14, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)